На імпрэзе "
Культурныя формы" прайшла выстава беларускіх коміксаў, прысвечаных Блакітнаму Свіну — сімвалу антыгламурнай літаратурнай прэміі суполкі "Літаратурнае прадмесце", якая ўручаецца за нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую "самасць". Кіраўнік суполкі, пісьменніца Людміла Рублеўская так апісала гэты персанаж:
"Блакітны Свін — беларуская птушка шчасця. У яго скура рамантычнага і наіўнага колеру неба, а пад ёю хаваецца дыхтоўнае тутэйшае сала з белымі і чырвонымі праслойкамі. Блакітны Свін падазрае, што многія пры поглядзе на яго ўяўляюць дзяльбу кабанчыка, але па сваёй шчырай рамантычнай натуры (і некаторай таўстаскурасці) у гэта ўсё-ткі не верыць і заўжды гатовы да любых авантураў і новых знаёмстваў. Ён аптыміст, але ведае, што праўдзіваму пісьменніку трэба час ад часу ўпадаць у дэпрэсію. У дэпрэсіі Свіну сумна, і тады ён выпадае з яе проста ў піўнушку ці ў паэтычную тусоўку. Блакітны Свін — экстравагантны, трохі брутальны, але вельмі ўдалы вобраз, які цалкам можа стацца архетыпам. Тут і авангард, і нацыянальная традыцыя, і вялікія магчымасці для фантазіі".
Творы, прадстаўленыя ў нашай віртуальнай галерэі, былі аб’яднаныя ў электроннай кнізе коміксаў, якую атрымалі наведвальнікі імпрэзы "Выявы-2009".
Ідэя стварэння коміксаў — Юлія Новік, распрацоўка і выданне электроннай кнігі — Юлія Новік і Віка Трэнас (прома-група ВЮ). Аўтары коміксаў — маладыя мастакі, і кожны дадаў нешта сваё у вобраз Блакітнага Свіна.
Выставы — gallery.art-s.by